Каментарый да Указа Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь

 "Аб унясенні змяненняў і дапаўненняў
ва Указ Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 27 сакавіка 2008 г. № 178"

Кіраўніком дзяржавы падпісаны Указ Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, накіраваны на далейшую лібералізацыю эканамічных умоў і інвестыцыйнага клімату ў Рэспубліцы Беларусь.

У мэтах дэбюракратызацыі знешнеэканамічнай дзейнасці спрошчаны парадак правядзення і кантролю знешнегандлёвых аперацый.

1. Дзейны дастаткова фармалізаваны механізм афармлення пашпарта здзелкі заменены працэдурай рэгістрацыі здзелкі ў банку па заяўніцкім прынцыпе. Рэгістрацыя будзе ажыццяўляцца ў дзень падачы дакумента, пры дапамозе якога аформлены знешнегандлёвы дагавор.

2. Выключана неабходнасць ўзгаднення праводзімых знешнегандлёвых здзелак (у дачыненні да піваварнага ячменю і непадпражанага соладу з ячменю), з канцэрнам "Белдзяржхарчпрам", а таксама атрымання адбітка штампа ААТ "Беларуская ўніверсальная таварная біржа" на знешнегандлёвых дагаворах, заключаных на біржавых таргах.

3. Рэзідэнтам, якія ажыццяўляюць знешнегандлёвыя аперацыі, дадзена права:

не рэгістраваць здзелкі пры папярэдняй аплаце ў поўным аб'ёме (пры экспарце) або папярэднім паступленні тавараў у поўным аб'ёме (пры імпарце);

праводзіць з дазволу Нацыянальнага банка разлікі па знешнегандлёвых дагаворах, якія прадугледжваюць імпарт тавараў без іх паступлення на мытную тэрыторыю рэспублікі;

спыняць абавязацельствы шляхам заключэння дагавора факторынгу або з выкарыстаннем неграшовых формаў;

ажыццяўляць перамену асобаў у абавязацельстве з перарэгістрацыяй здзелкі;

самастойна вызначаць звесткі, што ўказваюцца ў дакументах, з дапамогай якіх аформлены знешнегандлёвыя аперацыі (за выключэннем умоў разліку, якія ў абавязковым парадку павінны быць прадугледжаны ў такіх дакументах).

4. Дадаткова да вызначаных у цяперашні час выпадкаў з-пад дзеяння валютнага кантролю выведзены знешнегандлёвыя аперацыі:

звязаныя з перадачай маёмасці ў арэнду, фінансавую арэнду (лізінг) незалежна ад таго, з'яўляецца арандатарам або арэндадаўцам рэзідэнт ці нерэзідэнт, а таксама ад месца знаходжання маёмасці, якая перадаецца ў арэнду, фінансавую арэнду (лізінг);

якія праводзяцца паміж рэзідэнтамі і нерэзідэнтамі ў рамках выканання адміністрацыйных працэдур;

па дагаворах страхавання (усіх відаў), дагаворах пазыкі і крэдытных дагаворах;

пры правядзенні якіх фактычнымі атрымальнікамі ахоўнай інфармацыі, выключных правоў на вынікі інтэлектуальнай дзейнасці, паслуг выступаюць фізічныя асобы — рэзідэнты або нерэзідэнты;

якія адносяцца да банкаўскіх аперацый;

якія праводзяцца рэзідэнтамі на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь з прадстаўніцтвамі (філіяламі) нерэзідэнтаў, дыпламатычнымі і іншымі афіцыйнымі прадстаўніцтвамі (філіяламі), консульскімі ўстановамі замежных дзяржаў, што знаходзяцца ў Рэспубліцы Беларусь, для ўласных патрэбаў з мэтай забеспячэння функцыянавання гэтых прадстаўніцтваў (філіялаў), консульскіх устаноў, а таксама з фізічнымі асобамі — нерэзідэнтамі па рэалізацыі тавараў (ахоўнай інфармацыі, выключных правоў на вынікі інтэлектуальнай дзейнасці, работ і паслуг) для выкарыстання, не звязанага з прадпрымальніцкай дзейнасцю.

5. Пашыраны магчымасці правядзення рэзідэнтамі разлікаў па знешнегандлёвых аперацыях.

Акрамя таго, да 1 мая 2009 г. Саветам Міністраў Рэспублікі Беларусь павінен быць вызначаны новы комплексны парадак падачы рэзідэнтамі статыстычных дэкларацый (перыядычных статыстычных дэкларацый) пры выкананні знешнегандлёвых дагавораў, калі мытнае афармленне тавараў не праводзіцца, з вызначэннем працэдуры і выпадкаў падачы такіх дэкларацый.

Новыя правілы правядзення і кантролю знешнегандлёвых аперацый уступяць у сілу з 1 красавіка 2009 г.