Палажэнне аб парадку абмеркавання пытанняў у сферы выкарыстання атамнай энергіі з удзелам грамадскіх аб'яднанняў, іншых арганізацый і грамадзян

Зацверджана

Пастанова Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь

04.05.2009 № 571

Палажэнне аб парадку абмеркавання пытанняў
у сферы выкарыстання атамнай энергіі з удзелам грамадскіх аб'яднанняў, іншых арганізацый і грамадзян

Глава 1

Агульныя палажэнні

1. Гэтым Палажэннем вызначаюцца падставы і парадак абмеркавання пытанняў у сферы выкарыстання атамнай энергіі з удзелам грамадскіх аб'яднанняў, іншых арганізацый і грамадзян (далей — грамадскасць), у тым ліку з грамадскасцю дзяржаў, якія могуць быць закранутыя ў выніку трансгранічнага ўздзеяння плануемай дзейнасці ў сферы выкарыстання атамнай энергіі (далей — бакі, якія закранаюцца), а таксама афармлення і ўліку вынікаў такога абмеркавання.

Гэта Палажэнне не распаўсюджваецца на дзейнасць у сферы выкарыстання атамнай энергіі, звесткі пра якую аднесены да дзяржаўных сакрэтаў.

2. У гэтым Палажэнні выкарыстоўваюцца асноўныя тэрміны і іх азначэнні ў значэннях, устаноўленых Законам Рэспублікі Беларусь ад 30 ліпеня 2008 года "Аб выкарыстанні атамнай энергіі" (Нацыянальны рэестр прававых актаў Рэспублікі Беларусь, 2008 г., № 187, 2/1523), Канвенцыяй аб ацэнцы ўздзеяння на навакольнае асяроддзе ў трансгранічным кантэксце ад 25 лютага 1991 года (далей — Канвенцыя аб АУНА), Канвенцыяй аб доступе да інфармацыі, удзеле грамадскасці ў працэсе прыняцця рашэнняў і доступе да правасуддзя па пытаннях, якія датычацца навакольнага асяроддзя, ад 25 чэрвеня 1998 года.

3. Абмеркаванне пытанняў у сферы выкарыстання атамнай энергіі з грамадскасцю да прыняцця рашэння аб плануемай дзейнасці ажыццяўляецца ў мэтах:

3.1. інфармавання грамадскасці і зацікаўленых дзяржаўных органаў, у тым ліку бакоў, якія закранаюцца, аб плануемай дзейнасці ў сферы выкарыстання атамнай энергіі;

3.2. вывучэння і выкарыстання прапаноў і рэкамендацый грамадскасці на стадыі праектавання і рэалізацыі праектных рашэнняў для аб'ектаў выкарыстання атамнай энергіі;

3.3. пошуку ўзаемапрымальных для эксплуатуючай арганізацыі, грамадскасці і рэспубліканскіх органаў дзяржаўнага кіравання і іншых дзяржаўных арганізацый у сферы выкарыстання атамнай энергіі рашэнняў адносна зніжэння шкоднага ўздзеяння на навакольнае асяроддзе плануемай дзейнасці ў сферы выкарыстання атамнай энергіі.

Глава 2

Падставы і парадак абмеркавання з грамадскасцю пытанняў у сферы выкарыстання атамнай энергіі

4. Абмеркаванню з грамадскасцю падлягаюць:

4.1. справаздача аб ацэнцы ўздзеяння на навакольнае асяроддзе плануемай дзейнасці па выкарыстанні атамнай энергіі (далей — справаздача аб АУНА);

4.2. іншыя матэрыялы ацэнкі ўздзеяння на навакольнае асяроддзе плануемай дзейнасці па выкарыстанні атамнай энергіі;

4.3. іншыя дакументы ў сферы выкарыстання атамнай энергіі (па рашэнні рэспубліканскіх органаў дзяржаўнага кіравання ў сферы выкарыстання атамнай энергіі).

5. Абмеркаванне пытанняў у сферы выкарыстання атамнай энергіі з удзелам грамадскасці ажыццяўляецца ў парадку і на ўмовах, устаноўленых заканадаўствам Рэспублікі Беларусь, пры дапамозе правядзення:

5.1. сходаў органаў тэрытарыяльнага грамадскага самакіравання;

5.2. сходаў грамадскіх аб'яднанняў, іншых арганізацый;

5.3. сходаў (канферэнцый) працоўных калектываў;

5.4. іншых мерапрыемстваў.

6. Арганізацыю абмеркавання з грамадскасцю Рэспублікі Беларусь пытанняў у сферы выкарыстання атамнай энергіі на мясцовым узроўні ажыццяўляюць органы мясцовага кіравання і самакіравання сумесна з эксплуатуючай арганізацыяй, на рэспубліканскім узроўні — Міністэрства энергетыкі, а таксама рэспубліканскія органы дзяржаўнага кіравання і іншыя дзяржаўныя арганізацыі ў сферы выкарыстання атамнай энергіі ў межах сваёй кампетэнцыі, калі іншае не ўстаноўлена заканадаўчымі актамі Рэспублікі Беларусь.

7. Арганізацыя абмеркавання пытанняў у сферы выкарыстання атамнай энергіі з грамадскасцю бакоў, якія закранаюцца, ажыццяўляецца ў адпаведнасці з міжнароднымі дагаворамі Рэспублікі Беларусь і нацыянальным заканадаўствам дзяржаў бакоў, якія закранаюцца.

Глава 3

Абавязкі рэспубліканскіх органаў дзяржаўнага кіравання, органаў мясцовага кіравання
і самакіравання і эксплуатуючай арганізацыі пры абмеркаванні
з грамадскасцю пытанняў
у сферы выкарыстання

атамнай энергіі

8. Рэспубліканскія органы дзяржаўнага кіравання ў сферы выкарыстання атамнай энергіі, рэспубліканскія органы дзяржаўнага кіравання, якія ажыццяўляюць дзяржаўнае рэгуляванне дзейнасці па забеспячэнні бяспекі пры выкарыстанні атамнай энергіі, абавязаны:

8.1. вызначаць характар неспрыяльных наступстваў рэалізацыі праектных рашэнняў плануемай дзейнасці па выкарыстанні атамнай энергіі ў межах сваёй кампетэнцыі;

8.2. штогод да 1 сакавіка года, які ідзе за справаздачным, ажыццяўляць падрыхтоўку і зацвярджаць справаздачу аб стане ядзернай і радыяцыйнай бяспекі ў Рэспубліцы Беларусь і прадстаўляць яго для размяшчэння ў рэспубліканскіх сродках масавай інфармацыі і на сваіх сайтах у глабальнай камп'ютарнай сетцы Інтэрнэт.

9. Органы мясцовага кіравання і самакіравання абавязаны:

9.1. прадстаўляць эксплуатуючай арганізацыі па яе запыце інфармацыю, што маецца ў яе распараджэнні, неабходную для правядзення ацэнкі ўздзеяння на навакольнае асяроддзе плануемай дзейнасці па выкарыстанні атамнай энергіі;

9.2. інфармаваць насельніцтва, якое пражывае на тэрыторыі адпаведнай адміністрацыйна-тэрытарыяльнай адзінкі, аб плануемай дзейнасці па выкарыстанні атамнай энергіі, месцы і часе правядзення грамадскіх абмеркаванняў, а таксама дзяржаўным органе, у якім можна атрымаць інфармацыю аб плануемай дзейнасці па выкарыстанні атамнай энергіі і ў які могуць накіроўвацца заўвагі і прапановы;

9.3. весці журнал уліку заўваг і прапаноў грамадскасці, якая пражывае на тэрыторыі адпаведнай адміністрацыйна-тэрытарыяльнай адзінкі, па пытаннях у сферы выкарыстання атамнай энергіі;

9.4. арганізоўваць сумесна з эксплуатуючай арганізацыяй на тэрыторыі адпаведнай адміністрацыйна-тэрытарыяльнай адзінкі правядзенне грамадскіх абмеркаванняў пытанняў у сферы выкарыстання атамнай энергіі, браць у іх удзел;

9.5. ствараць неабходныя ўмовы для абмеркавання пытанняў у сферы выкарыстання атамнай энергіі.

10. Эксплуатуючая арганізацыя абавязана:

10.1. арганізаваць публікацыю ў сродках масавай інфармацыі заявы аб магчымым уздзеянні на навакольнае асяроддзе плануемай дзейнасці па выкарыстанні атамнай энергіі;

10.2. размяшчаць на сваім сайце ў глабальнай камп'ютарнай сетцы Iнтэрнэт актуальную інфармацыю аб планах ажыццяўлення дзейнасці па выкарыстанні атамнай энергіі, даваць грамадскасці магчымасць пакідаць свае заўвагі і прапановы адносна названай інфармацыі;

10.3. паведамляць органам мясцовага кіравання і самакіравання аб намеры рэалізацыі плануемай дзейнасці па выкарыстанні атамнай энергіі;

10.4. забяспечваць для прадстаўнікоў грамадскасці доступ да экалагічнай інфармацыі аб дзейнасці па выкарыстанні атамнай энергіі ў адпаведнасці з заканадаўствам Рэспублікі Беларусь;

10.5. весці журнал уліку заўваг і прапаноў грамадскасці Рэспублікі Беларусь і замежных дзяржаў у сферы выкарыстання атамнай энергіі;

10.6. арганізоўваць сумесна з органамі мясцовага кіравання і самакіравання правядзенне абмеркаванняў з грамадскасцю пытанняў у сферы выкарыстання атамнай энергіі і браць у іх удзел;

10.7. забяспечваць удзел грамадскасці ў працэсе правядзення ацэнкі ўздзеяння на навакольнае асяроддзе плануемай дзейнасці па выкарыстанні атамнай энергіі;

10.8. ажыццяўляць усебаковае вывучэнне прапаноў грамадскасці па мінімізацыі шкоднага ўздзеяння плануемай дзейнасці па выкарыстанні атамнай энергіі;

10.9. паведамляць кампетэнтным органам бакоў, якія закранаюцца, у адпаведнасці з Канвенцыяй аб АУНА аб намеры рэалізацыі плануемай дзейнасці ў сферы выкарыстання атамнай энергіі з прадстаўленнем інфармацыі ў адпаведнасці з заканадаўствам Рэспублікі Беларусь;

10.10. накіроўваць справаздачу аб АУНА і іншыя матэрыялы ацэнкі ўздзеяння на навакольнае асяроддзе, кампетэнтным органам бакоў, якія закранаюцца, у адпаведнасці з Канвенцыяй аб АУНА на англійскай мове і (або) афіцыйнай мове боку, які закранаецца;

10.11. браць удзел у грамадскіх абмеркаваннях плануемай дзейнасці ў сферы выкарыстання атамнай энергіі на тэрыторыі бакоў, якія закранаюцца;

10.12. ажыццяўляць падрыхтоўку на англійскай мове і (або) афіцыйнай мове боку, які закранаецца, і накіроўваць кампетэнтным органам бакоў, якія закранаюцца, у адпаведнасці з канвенцыяй аб АУНА адказы на пытанні, прапановы і заўвагі, узнятыя падчас абмеркавання з грамадскасцю бакоў, якія закранаюцца.

Глава 4

Парадак правядзення грамадскіх абмеркаванняў
у сферы выкарыстання атамнай энергіі

11. Правядзенне грамадскіх абмеркаванняў у сферы выкарыстання атамнай энергіі ажыццяўляецца:

11.1. на рэспубліканскім узроўні, калі наступствы рэалізацыі праектных рашэнняў плануемай дзейнасці па выкарыстанні атамнай энергіі носяць агульнадзяржаўны характар;

11.2. на мясцовым узроўні, калі наступствы рэалізацыі праектных рашэнняў плануемай дзейнасці ў сферы выкарыстання атамнай энергіі носяць рэгіянальны характар.

12. Грамадскія абмеркаванні на мясцовым узроўні арганізуюцца на тэрыторыі, дзе мяркуецца рэалізацыя праектнага рашэння плануемай дзейнасці па выкарыстанні атамнай энергіі, і на тэрыторыях, якія закранаюцца такім праектным рашэннем.

13. Працэдура правядзення грамадскіх абмеркаванняў уключае наступныя этапы:

13.1. паведамленне аб правядзенні грамадскіх абмеркаванняў;

13.2. азнаямленне з заявай аб магчымым уздзеянні на навакольнае асяроддзе, канцэпцыямі, планамі, праектамі нарматыўных прававых актаў і дзяржаўных мэтавых праграм ў сферы выкарыстання атамнай энергіі;

13.3. збор, аналіз каментарыяў і прапаноў грамадскасці па матэрыялах, якія прадстаўлены для азнаямлення;

13.4. абмеркаванне справаздачы аб АУНА і іншых матэрыялаў ацэнкі ўздзеяння на навакольнае асяроддзе з грамадскасцю Рэспублікі Беларусь і бакоў, якія закранаюцца;

13.5. складанне пратакола грамадскіх абмеркаванняў з пералікам прапаноў, якія паступілі ад грамадскасці, і абгрунтаваннем іх прыняцця або адхілення.

14. паведамленне аб пачатку працэдуры грамадскіх абмеркаванняў можа ажыццяўляцца пры дапамозе:

14.1. публікацыі ў сродках масавай інфармацыі заявы аб магчымым уздзеянні на навакольнае асяроддзе плануемай дзейнасці ў сферы выкарыстання атамнай энергіі, патрабаванні да зместу якога вызначаюцца заканадаўствам Рэспублікі Беларусь, і іншых праектных рашэнняў у поўным або скарочаным выкладанні;

14.2. выдання і распаўсюджвання інфармацыйных лісткоў і бюлетэняў;

14.3. прамога паведамлення пры дапамозе паштовай рассылкі і (або) з дапамогай электроннай пошты і электронных інфармацыйных сетак.

15. Паведамленню аб плануемай дзейнасці па выкарыстанні атамнай энергіі падлягае грамадскасць, у тым ліку насельніцтва, якое пражывае на тэрыторыі, дзе мяркуецца рэалізацыя праектнага рашэння плануемай дзейнасці па выкарыстанні атамнай энергіі, і на тэрыторыях, што закранаюцца такім праектным рашэннем.

16. Iнфармацыя аб праекце на этапе паведамлення аб грамадскіх абмеркаваннях распаўсюджваецца ў выглядзе заявы аб магчымым уздзеянні на навакольнае асяроддзе плануемай дзейнасці ў сферы выкарыстання атамнай энергіі, падрыхтаванага ў адпаведнасці з заканадаўствам Рэспублікі Беларусь.

17. Эксплуатуючая арганізацыя або па яе даручэнні генеральны праекціроўшчык сумесна з органамі мясцовага кіравання і самакіравання праз сродкі масавай інфармацыі і іншыя формы апавяшчэння паведамляюць грамадскасці аб тэрмінах, даце і месцы правядзення сходу, дзе будзе праводзіцца грамадскае абмеркаванне, а таксама аб месцы, дзе грамадскасць можа азнаёміцца з заявай аб магчымым уздзеянні на навакольнае асяроддзе плануемай дзейнасці ў сферы выкарыстання атамнай энергіі, справаздачай аб АУНА і іншымі дакументамі ў сферы выкарыстання атамнай энергіі.

18. Пры неабходнасці правядзення грамадскіх абмеркаванняў на рэспубліканскім узроўні заява аб магчымым уздзеянні на навакольнае асяроддзе плануемай дзейнасці па выкарыстанні атамнай энергіі, інфармацыя аб грамадскіх абмеркаваннях па ўзгадненні з рэспубліканскім органам дзяржаўнага кіравання ў сферы выкарыстання атамнай энергіі павінны быць размешчаны (апублікаваны) у рэспубліканскіх сродках масавай інфармацыі.

19. Правядзенне грамадскіх абмеркаванняў прызначаецца, як правіла, не раней чым праз 30 дзён з дня паведамлення аб пачатку працэдуры абмеркаванняў. На працягу вызначанага тэрміну эксплуатуючая арганізацыя або генеральны праекціроўшчык павінны распаўсюдзіць заяву аб магчымым уздзеянні на навакольнае асяроддзе плануемай дзейнасці па выкарыстанні атамнай энергіі.

Перыяд правядзення грамадскіх абмеркаванняў, як правіла, павінен складаць не больш за адзін месяц.

20. Грамадскія абмеркаванні праводзяцца на падставе разгляду пададзенай эксплуатуючай арганізацыяй або па яе даручэнні генеральным праекціроўшчыкам заявы аб магчымым уздзеянні на навакольнае асяроддзе плануемай дзейнасці па выкарыстанні атамнай энергіі, складзенай у адпаведнасці з патрабаваннямі заканадаўства Рэспублікі Беларусь, справаздачы аб АУНА, а таксама іншых матэрыялаў ацэнкі ўздзеяння на навакольнае асяроддзе.

21. Доступ грамадскасці для азнаямлення з заявай аб магчымым уздзеянні на навакольнае асяроддзе плануемай дзейнасці ў сферы выкарыстання атамнай энергіі, справаздачай аб АУНА і іншымі матэрыяламі ацэнкі ўздзеяння на навакольнае асяроддзе забяспечваецца эксплуатуючай арганізацыяй або па яе даручэнні генеральным праекціроўшчыкам як падчас працэдуры правядзення грамадскіх абмеркаванняў, так і на іншых этапах праектнай дзейнасці.

Глава 5

Афармленне і ўлік вынікаў грамадскіх абмеркаванняў
у сферы выкарыстання
атамнай энергіі

22. Эксплуатуючая арганізацыя і генеральны праекціроўшчык фіксуюць, аналізуюць і ацэньваюць заўвагі і прапановы ўдзельнікаў грамадскіх абмеркаванняў.

Па выніках абмеркавання матэрыялаў ацэнкі ўздзеяння і дапрацоўкі праектных рашэнняў плануемай дзейнасці па выкарыстанні атамнай энергіі эксплуатуючая арганізацыя, генеральны праекціроўшчык і рэспубліканскія органы дзяржаўнага кіравання ў сферы выкарыстання атамнай энергіі фарміруюць узгодненую прапанову аб магчымасці і мэтазгоднасці дзейнасці па выкарыстанні атамнай энергіі на мяркуемай тэрыторыі зыходзячы з экалагічных і звязаных з імі сацыяльна-эканамічных і іншых наступстваў плануемай дзейнасці.

23. Пры неабходнасці рэспубліканскі орган дзяржаўнага кіравання ў сферы выкарыстання атамнай энергіі па прапанове эксплуатуючай арганізацыі можа прыпыняць працэдуру грамадскіх абмеркаванняў у мэтах унясення змяненняў і дапаўненняў у праектныя рашэнні па выніках абмеркавання, аналізу заўваг і прапаноў, якія паступілі, для правядзення дадатковых даследаванняў і пошукаў. Пры гэтым эксплуатуючая арганізацыя і генеральны праекціроўшчык ажыццяўляюць пошук рашэнняў, якія забяспечваюць прадухіленне або зніжэнне неспрыяльнага ўздзеяння на навакольнае асяроддзе пры рэалізацыі праектнага рашэння плануемай дзейнасці па выкарыстанні атамнай энергіі.

24. Пасля дапрацоўкі праектнага рашэння плануемай дзейнасці і матэрыялаў ацэнкі ўздзеяння плануемай дзейнасці па выкарыстанні атамнай энергіі, уключаючы мерапрыемствы па ахове навакольнага асяроддзя, грамадскія абмеркаванні аднаўляюцца для разгляду іншых, не ўлічаных раней уздзеянняў і наступстваў.

25. У пратакол грамадскіх абмеркаванняў уключаюцца ўсе выказаныя прапановы па праектным рашэнні плануемай дзейнасці ў сферы выкарыстання атамнай энергіі, што паступілі ў орган мясцовага кіравання і самакіравання або эксплуатуючую арганізацыю, а таксама аргументаваныя рашэнні аб іх прыняцці або адхіленні.

26. Пратакол грамадскіх абмеркаванняў з'яўляецца абавязковым дадаткам да справаздачы аб АУНА, парадак распрацоўкі якога ажыццяўляецца ў адпаведнасці з заканадаўствам Рэспублікі Беларусь.

Пратакол грамадскіх абмеркаванняў з пералікам прапаноў афармляецца на працягу 5 працоўных дзён і падпісваецца старшынёй і сакратаром або іншымі асобамі, упаўнаважанымі на тое ўдзельнікамі грамадскіх абмеркаванняў. Да пратакола грамадскіх абмеркаванняў павінен быць прыкладзены спіс асобаў, якія бралі ў іх удзел.

27. Захоўванне пратакола грамадскіх абмеркаванняў забяспечваецца эксплуатуючай арганізацыяй, якая накіроўвае яго копіі ў Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, Міністэрства аховы здароўя, мясцовыя выканаўчыя і распарадчыя органы.

28. Справаздача аб АУНА павінна быць апублікавана ў рэспубліканскіх і (або) мясцовых сродках масавай інфармацыі і размешчана на сайце эксплуатуючай арганізацыі ў глабальнай камп'ютарнай сетцы Iнтэрнэт. Дадаткам да справаздачы аб АУНА павінна быць даведка аб адхіленых заўвагах і прапановах грамадскасці з абгрунтаваннем іх адхілення.